Тыдзень роднай мовы
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, але ў нашай гімназіі ўрачыстае адкрыццё гэтага свята з удзелам саветніка па пытаннях культуры і адукацыі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Вольгі Дашыневіч і генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова адбылося 19 лютага. Госці павіншавалі ўсіх прысутных, пажадалі поспехаў і выказалі ўпэўненасць у тым, што любоў і пашана да роднай мовы не знікнуць ніколі. У гэты ж дзень вучні І-га класа былі на экскурсіі “Беларускі след у гісторыі горада”, якую правёў кіраўнік клуба “Сябрына” Вялянцін Стэх. А вучні ІІ-га класа ў рамках Тыдня пабывалі на прэзентацыі кнігі Аляксандра Адамковіча “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Частка ІІ: З Богам па-беларуску”, якая праходзіла ў бібліятэцы Урублеўскіх. 22-га лютага прайшла вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя “Шануйце роднае слова”, у якой прынялі ўдзел вучні ІІ-га класа. Працягам святкавання стала алімпіяда па беларускай мове для вучняў 5-11 класаў. Вялікую цікавасць і ў прысутных, і ў удзельнікаў выклікаў конкурс выразнага чытання “Мая непаўторная родная мова”, падчас якога гучалі цудоўныя вершы розных аўтараў на беларускай мове. Адчувалася вялікае жаданне ўдзельнікаў конкурсу як мага лепш выканаць выбраны твор і перамагчы, таму атмасфера была святочна-напружанай і творчай.
25-27 лютага праходзіла кніжная выстава ў “LITEXPО”, якую наведалі многія вучні нашай гімназіі. Таксама з 22 па 26 лютага ў гімназіі былі арганізаваны кніжная выстава “З любоўю да роднай мовы”, выстава “Пісьменнікі-юбіляры 2016”, прайшоў конкурс паштовак “Дзень роднай мовы”.