Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Тыдзень без здзекаў

14-18 сакавіка 2016 г. наша гімназія ўдзельнічала ў мерапрыемствах тыдня Без здзекаў, які ўжо сёмы раз праводзіцца па ініцыятыве „Vaikų linijos“. На працягу тыдня вучні займаліся рознымі відамі дзейнасці: гулялі ў гульні, малявалі, удзельнічалі ў дыскусіях, выконвалі розныя заданні, рабілі кнігу Дружбы і інш.

Кожны дзень гэтага тыдня меў сваю адметную назву: Усмешак, Радасці, Добрых слоў, Дружбы, Сюрпрызаў (Пірагоў)!. З энтузіязмам і добрым настроем вучні і настаўнікі рабілі сімвал Тыдня Добрага Ёжыка, які ўпрыгожыў фае гімназіі. А колькі радасці, станоўчых эмоцый атрымалі вучні, якія ўдзельнічалі ў вясёлай эстафеце. Прайграўшых у ёй не было, а смеху і добрага настрою – праз край. Перамагла дружба! Праходзіў фотаконкурс “Злаві ўсмешку”, быў выбраны самы дасканалы ў мастацкіх адносінах і самы арыгінальны фотаздымак. Ведаем, што ўсмешка “заразлівая”. Пабачыўшы чалавека, які ад душы смяецца, міжвольна пачынаем смяяцца і мы. Дзеці з дашкольнай групы і вучні 1-5 класаў паглядзелі спектакль “Залаты пярсцёнак” у пастаноўцы Мінскага маладзёжнага тэатра, які прыязджаў з гастролямі ў Літву. Старшакласнікі, падрыхтаваныя настаўніцай псіхалогіі, правялі ўрокі сяброўства ў 1-5 класах, вучні якіх з вяліках ахвотай выконвалі прапанаваныя заданні, тлумачылі, што дапамагае захаваць сяброў і сяброўства, а што руйнуе гэтыя адносіны, як дапамагчы сябру і сабе ў складанай сітуацыі. Таксама старэйшыя вучні разам з настаўнікамі абмяркоўвалі, як бяспечна ўзаемадзейнічаць у віртуальнай прасторы, дыскутавалі па пытаннях павагі да людзей, талерантнасці, дабрыні. Класныя кіраўнікі правялі класныя гадзіны “Скарга ці просьба аб дапамозе?”.

У бібліятэцы была арганізавана выстава “Кніга – крыніца сусветнай мудрасці”. Кожны меў магчымасць выбраць патрэбную кнігу, знайсці адказы на важныя для яго пытанні.

Бацькі вучняў, аб’яднаўшыся ў клуб “Мы разам”, гаварылі пра гармонічныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі і згадзіліся, што яны немагчымыя без павагі адзін да аднаго. Заключным акцэнтам Тыдня стала акцыя „Ніць сяброўства“, падчас якой усе члены калектыву злучыліся суцэльнай зялёнай ніткай, якая затым ператварылася ў бранзалеты сяброўства. Іх завязалі адзін аднаму як сведчанне сардэчнага сяброўства, як амулет, надзелены ахоўнымі сіламі.

Вельмі хутка прабег тыдзень. Не было недахопу ў добрым настроі, усмешках, станоўчых эмоцыях і прыгожых зносінах.

Прыемна ведаць, што ўсе мы патрэбныя адзін аднаму – вучні, настаўнікі, бацькі, і трэба так мала, каб кожны мог сказаць: “Мне добра тут!”

Тыдзень Без здзек закончыўся. Кожны ўзяў з яго тое, чаго яму не хапала, ці падзяліўся тым, на што сам багаты.

Дзякуем усім, хто далучыўся да арганізацыі мерапрыемстваў!

Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Вул. Сеціно, 21 Вільнюс LT-04316

Tэл. / факс +370 5 245 9127

rastine@skorinos.vilnius.lm.lt

© 2024 Віленская гімназія імя Францыска Скарыны