Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Канферэнцыя “Экалогія і мы” (прыродазнаўчыя навукі)

28 красавіка 2016 г. Вільнюская гімназія імя Ф. Скарыны разам з сацыяльнымі партнёрамі Цэнтрам радыяцыйнай бяспекі і Тракайскім адукацыйным цэнтрам правялі міжнародную канферэнцыю “Экалогія і мы” для вучняў 9 – 12 (I–IV гімн.) класаў агульнаадукацыйных школ, прысвечаную 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 25 юных даследчыкаў: вучні вільнюскіх гімназій імя Вітаўта Вялікага, Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага, Васілія Качалава, Францыска Скарыны, школы імя Льва Карсавіна, Гродзенскай гарадской гімназіі, лідскай 4-й і мінскай 48-й сярэдніх школ.

Арганізатары канферэнцыі ставілі наступныя мэты: падтрымліваць цікавасць вучняў да прыродазнаўчых навук, фарміраваць навуковае мысленне і даследчыя навыкі, выхоўваць экалагічную культуру.

Адкрыла канферэнцыю дырэктар Вільнюскай гімназіі імя Ф. Скарыны Дзіяна Стахновіч. Песняй прывітаў прысутных вакальны ансамбль “Лянок” (кіраўнік – настаўніца музыкі Валянціна Кавальчук). Пасля з прывітальным словам выступіў саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Вадзім Ласіцкі.

Даклад “Іянізавальнае выпраменьванне навакольнага асяроддзя” прачытаў старшы спецыяліст Цэнтра радыяцыйнай бяспекі Рэмігіюс Кевінас. Пасля яго выступлення ўдзельнікі канферэнцыі наведалі падрыхтаваную Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь выставу “Беларусь і беларусы”. Азнаёміўшыся з экспазіцыяй, вучні прадставілі вынікі сваіх навуковых даследаванняў у секцыях. Прысутныя ўважліва слухалі выступленні, разам з маладымі даследчыкамі раздзяляючы радасць пазнання. Пры ацэньванні работ улічвалася іх актуальнасць, навуковасць, творчы падыход да раскрыцця тэмы і культура выкладу. Ацэньвалі работы настаўнік-эксперт біялогіі гімназіі імя Вітаўта Вялікага Віялета Кундрацене і старшы спецыяліст Цэнтра радыяцыйнай бяспекі Лайма Пількіце, якія па заканчэнні працы ў секцыях падвялі вынікі канферэнцыі. Лепшымі камісія прызнала наступныя работы: “Цеплавое выпраменьванне” – вучаніцы ІІ класа гімназіі імя Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага Веславы Ермалавічуце (настаўнік Павел Станкевіч) і “Аналіз зместу пажыўных рэчываў і харчовых дабавак у гатунках шакаладу, якім аддаюць перавагу старшакласнікі” – вучаніцы 9 класа Гродзенскай гарадской гімназіі Елізаветы Раманавай (настаўніца Алена Сітко).

Асабліва вялікую зацікаўленасць і сімпатыю прысутных выклікалі пазаконкурсныя работы юных даследчыкаў з Віленскай гімназіі імя Ф. Скарыны: “Шкодныя чыпсы” вучня 2 класа Артура Стаўпнюка (настаўніца Алена Забельская) і “Што такое цвіль?” вучаніцы 3 класа Дзіяны Вінцукявічуце (настаўніца Ганна Пуцята). Усе ўдзельнікі канферэнцыі і іх настаўнікі атрымалі лісты падзякі, а аўтары лепшых выступленняў акрамя дыпломаў атрымалі памятныя падарункі. Пасля гэтага дыскусіі працягнуліся ў нефармальнай абстаноўцы.

Радуе тое, што вучні зацікаўленыя, актыўныя, творчыя, імкнуцца знайсці рашэнні экалагічных праблем, выкліканых безадказнай эксплуатацыяй прыродных рэсурсаў. Успамінаюцца словы французскага эколага Жана Дарсто: ”Многае можа зберагчы прыроду, але абараніць яе можа толькі любоў. Прырода будзе здаровай толькі ў тым выпадку, калі чалавек хоць трошкі палюбіць яе проста за тое, што яна цудоўная”.

Спадзяёмся, што агульнае жаданне жыць у згодзе на Зямлі аб’яднала ўдзельнікаў канферэнцыі і яе гасцей, таму ёсць надзея, што канферэнцыя стане традыцыйнай, і ў наступным годзе зноў усе сустрэнемся ў Вільнюскай гімназіі імя Францыска Скарыны.

Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Вул. Сеціно, 21 Вільнюс LT-04316

Tэл. / факс +370 5 245 9127

rastine@skorinos.vilnius.lm.lt

© 2024 Віленская гімназія імя Францыска Скарыны