Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

10 дзён у летніку „Šypsenėlė“ (“Усмешка”)

Пасля апошняга званка, які абвясціў пачатак доўгачаканых канікул, на базе нашай гімназіі пачаў працаваць дзённы летнік „Šypsenėlė“ (“Усмешка”). З 1 па 14 чэрвеня яго наведвалі 23 вучні 1-5 класаў, якія хацелі весела і творча правесці час ды знайсці новых сяброў. Колькі цікавых месцаў наведалі яны за гэты час! Вучні пабывалі ў Троках, Батанічным садзе ВУ ў Кайрэнах, прайшлі пазнаваўчым маршрутам (Пучкору) Павільнюскага рэгіянальнага парку, любаваліся прыгожымі краявідамі наваколля возера Салоцес, наведалі мемарыял на чыгуначнай станцыі ў Новай Вільні, унікальную выставу ЮНЭСКА „Lietuva pašto siuntoje“ (“Літва ў паштовых пасылках”) у Вільнюскай цэнтральнай бібліятэцы, Бернардынскі сад, майстэрню старажытных рамёстваў. Незабыўныя ўражанні засталіся ад экскурсіі ў Анікшчай, падчас якой вучні наведалі гістарычныя і культурныя аб’екты: сцежку ў кронах дрэў, камень Пунтукас, магілу класіка літоўскай літаратуры Йонаса Білюнаса, музей конегадоўлі. Дзякуючы адукацыйнай праграме „Duonelė kasdieninė“ (“Хлеб штодзённы”) дзеці не толькі шмат даведаліся пра шлях хлеба ад сяўбы да бохана, але і мелі магчымасць самастойна сфармаваць і спячы свой хлеб у толькі што напаленай печы! Праведзены ў летніку час быў запамінальным і прынёс шмат уражанняў. Усім спадабалася быць разам, таму цяпер ужо ведаем, што сустрэнемся і ў наступным годзе. Да сустрэчы ў „Šypsenėlėje“!

Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Вул. Сеціно, 21 Вільнюс LT-04316

Tэл. / факс +370 5 245 9127

rastine@skorinos.vilnius.lm.lt

© 2024 Віленская гімназія імя Францыска Скарыны