Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Дзень ведаў

1-га верасня званок склікаў вучняў і настаўнікаў Вільнюскай гімназіі імя Францыска Скарыны на свята пачатку навучальнага года. У гэты дзень прагучаў першы званок для 20 першакласнікаў, якія з нецярпеннем чакалі першага ўрока і сустрэчы з першай настаўніцай. Нерашуча пераступілі школьны парог і 20 дзяцей з падрыхтоўчага класа.

Традыцыйна свята пачатку навучальнага года прайшло на школьным двары. З прыгожымі віншаваннямі і сардэчнымі пажаданнямі звярнулася да прысутных дырэктар гімназіі Дзіяна Стахновіч. Цёплыя словы прагучалі і з вуснаў гасцей гімназіі: Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандра Караля, загадчыцы аддзела сувязей з нацыянальнымі суполкамі Дэпартамента нацыянальных меншасцей пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі Расы Палюкене, члена савета Вільнюскай мэрыі Эдзіты Тамашунайце, старасты Каралінішскай сенюніі Віялеты Гедмінайце, рэктара касцёла Св. Варфаламея айца Арыюша Малыскі OFMCap.

Паважаны госць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль пажадаў вучням і настаўнікам удачы, цярпення і ўручыў першакласнікам рукзакі з усімі неабходнымі вучням пісьмовымі прыладамі.

Няхай новы навучальны год прынясе жаданне і цярпенне вучыцца і атрымліваць асалоду ад новых адкрыццяў, ад знаёмства з чароўным навакольным светам. Няхай ён спраўдзіць надзеі і спадзяванні не толькі першакласнікаў, але і кожнага вучня гімназіі.

Асэнсаванага і творчага новага навучальнага года!