Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Экскурсія ў Друскінінкай

14 кастрычніка, у пятніцу, вучні 5-7 класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі наведалі Друскінінкай – самы стары, буйны, самы папулярны і круглы год працуючы курорт Літвы. Дарога не здалася доўгай. Праз вокны аўтобуса яго пасажыры любаваліся прыгожымі фарбамі восені ды ўпрыгожанай першымі замаразкамі прыродай. Прыехаўшы ў Друскінінкай, экскурсанты адразу накіраваліся ў музей Супраціўлення і дэпартацыі, у якім даведаліся пра літоўскі рух супраціўлення ў 1944-1953 гадах, пра партызанскую барацьбу ў Дайнавос акрузе, удзел жанчын у партызанскім руху, ссылках, пазнаёміліся з багатай выставай фотаздымкаў, асабістых рэчаў, дакументаў, перыядычнага друку.

У мемарыяльным музеі знакамітага літоўскага мастака і кампазітара М.К. Чурлёніса вучні бліжэй пазнаёміліся з жыццём яго сям’і, паглядзелі яго творы, паслухалі ўрыўкі з адной з самых папулярных яго прац – сімфанічнай паэмы “У лесе”. Пасля музея чакала пешаходная экскурсія па Друскінінкай, падчас якой вучні даведаліся, дзе і калі з’явіліся мінеральныя крыніцы, чаму яны так праславілі курорт. А як прыемна было памыцца вадой з авеянай легендамі пра цудоўныя вылячэнні самай глыбокай і салёнай крыніцы мінеральнай вады “Grožio” (“Прыгажость”)!

У старым горадзе вучні любаваліся драўлянай праваслаўнай царквой Іконы Божай Маці “Усіх сумуючых радасць”, наведалі касцёл Прасвятой Дзевы Марыі Шкаплернай – адзіную каталіцкую святыню ў горадзе. Падчас экскурсіі вучні не толькі пазнаёміліся з выдатнымі мясцінамі горада, але і атрымалі асалоду ад захапляючых краявідаў, сасновых лясоў, спакою і свежага паветра. Завяршылася паездка наведваннем Груто парка, у якім пад адкрытым небам дэманструецца ўнікальная экспазіцыя помнікаў савецкага часу. Гэта спадчына літоўскага манументалізма, якая была перавезена сюды з розных населеных пунктаў краіны пасля аднаўлення незалежнасці Літвы. У Груто парку вучні пабачылі не толькі афіцыйнае мастацтва савецкіх часоў, але і розных дзікіх і хатніх жывёл, якія размясціліся на тэрыторыі парку. Асабліва весела ўсім было катацца на размешчаных у парку каруселях і паспрабаваць уявіць, як рабілі гэта калісьці іх бацькі, бабулі і дзядулі.

Час прабег вельмі хутка. Поўныя ўражанняў і ўспамінаў экскурсанты позна ўвечары вярнуліся дадому. Паездка ўсім спадабалася. І яна дакладна была не апошнім падарожжам па Літве!

Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Вул. Сеціно, 21 Вільнюс LT-04316

Tэл. / факс +370 5 245 9127

rastine@skorinos.vilnius.lm.lt

© 2024 Віленская гімназія імя Францыска Скарыны