“Адкрый куфэрак суцяшэння 2016”
Прыемна адзначыць, што вучні 4-га класа Вільнюскай гімназіі імя Францыска Скарыны далучыліся да арганізаванага Вільнюскім бюро аховы здароўя і ўстановай “Перспектывы псіхічнага здароўя” праекта “Адкрый куфэрак суцяшэння 2016”. Мэта праекта – спрыяць умацаванню псіхічнага здароўя дзяцей (10-11 гадоў), даючы ім веды, якія дапамогуць абараніць сваё і сваіх блізкіх псіхічнае здароўе. У гімназіі заняткі арганізавалі і правялі спецыяліст па ахове здароўя Наталля Аксаміт і псіхолаг гімназіі Ларыса Слесарава. Падчас заняткаў чацверакласнікі атрымалі веды пра псіхічнае здароўе, навучыліся распазнаваць і называць свае перажыванні, гаварыць пра сваё самаадчуванне. Веды, атрыманыя вучнямі, дапамогуць ім сачыць за ўласнымі эмоцыямі, кантраляваць іх: падчас заняткаў дзеці складвалі і ўпрыгожвалі загадзя падрыхтаваны картонны макет каробачкі – “куфэрка суцяшэння”, у які пасля змогуць складваць эмацыйна значныя для іх рэчы. У выпадку дрэннага настрою можна будзе адкрыць “куфэрак”, паглядзець на складзеныя там мілыя сэрцу рэчы і ўспомніць звязаныя з імі цёплыя, шчаслівыя імгненні…