У вянок Максіму Багдановічу
Максім Багдановіч – вядомы беларускі паэт, літаратурны крытык, перакладчык. Чалавек незвычайнага таленту і незвычайнага лёсу, усё свядомае жыццё якога прайшло па-за межамі Беларусі, але які здолеў стаць адной з самых яркіх зорак на небасхіле нацыянальнай культуры. 9 снежня 2016 года споўнілася 125 год з дня нараджэння паэта.
Літаратурна-мастацкая вечарына памяці беларускага класіка прайшла ў гэты дзень у гімназіі імя Францыска Скарыны. Падчас імпрэзы дэманстраваліся кадры з фільмаў пра М. Багдановіча, гучалі вершы паэта, песні на яго словы. Асабліва кранаючым было сумеснае выкананне знакамітай “Пагоні”.
Пасля гэтага жадаючыя з ліку прысутных чыталі любімае з паэтычнай спадчыны класіка. Верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” прачытала саветнік па культуры пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Вольга Дашыневіч.