Цана Свабоды
У Вільнюскай гімназіі імя Францыска Скарыны разам з усёй Літвой у 26 раз адзначалі Дзень абаронцаў свабоды, успаміналі трагічныя падзеі 13-га студзеня. На працягу тыдня ў гімназіі праходзілі мерапрыемствы, акцыі. Незабыўныя ўражанні пакінула сустрэча са сведкай тых падзей Галінай Сівалавай. Падчас сустрэчы яна падзялілася жывымі, кранаючымі душу ўспамінамі пра трагічныя падзеі 13-га студзеня 1991 года ў Вільнюсе, успомніла балючыя моманты гісторыі нашай краіны. У бібліятэцы гімназіі вучні ўсе разам чыталі твор Мігле Наргелайце „Pasaka vaikams apie Sausio 13 dienos įvykius“ (“Казка для дзяцей пра падзеі 13 студзеня), пасля рабілі да яго ілюстрацыі. Дзеці з дашкольнай групы рабілі кветку памяці – незабудку. Гімназію ўпрыгожвалі малюнкі вучняў на тэму “Захавалі свабоду”. Вучні разам з настаўнікамі ўдзельнічалі і ў гарадскіх мерапрыемствах: цырымоніі падняцця дзяржаўнага сцяга на плошчы Незалежнасці, дні адкрытых дзвярэй у галерэі абаронцаў свабоды Літвы і Вітража ў Сейме Літоўскай Рэспублікі, адукацыйнай экскурсіі ў Музей ахвяр генацыду, наведалі мемарыял “13 студзеня” каля Сейма Літоўскай Рэспублікі, ушанавалі памяць загінуўшых за свабоду каля тэлевізійнай башні.
13 студзеня – у дзень абаронцаў свабоды – а 8 гадзіне ў гімназіі праходзіла грамадзянская акцыя “Памяць жыве, бо сведчыць”. Вучні разам з настаўнікамі ў кожным акне запалілі свечкі. На 10 хвілін гімназія пагрузілася ў цемру – маўчаннем, засяроджанасцю ўшанавалі памяць змагароў за свабоду. Гэту акцыю прадоўжылі класныя гадзіны “Урок памяці”, прысвечаныя падзеям 13-га студзеня. Усе ў гэты дзень удзельнічалі ў акцыі “Незабудка”: насілі прышпіленую кветку незабудкі – сімвал памяці і павагі да тых, хто змагаўся за свабоду Літвы. У файе гімназіі “зацвёў луг незабудак” у гонар абаронцаў свабоды.
Мы ганарымся актыўнасцю школьнай грамадскасці, яе ўкладам у фарміраванне трывалых грамадзянскіх поглядаў. Памятаем, дзякуючы каму мы свабодныя – абаронцы свабоды жывуць у нашых сэрцах.