Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Дні беларускай мовы

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. 21 лютага ЮНЕСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы, каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак свету і захаваць моўную разнастайнасць. У нашай гімназіі прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты. 2017 год аб’яўлены годам Францыска Скарыны ў Вільнюсе, таму натуральна, што Дні беларускай мовы адкрыліся ўрачыстым ускладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі Францыску Скарыну на Ратушнай плошчы горада. А сама гімназія была ўпрыгожана тэматычнымі стэндамі, плакатамі, паштоўкамі. Былі падрыхтаваны выставы “Гравюры Скарыны” і “Кніжная мудрасць стагоддзяў”, экспазіцыя “Скарыніяна” ў музеі гімназіі, прысвечаныя 500-годдзю выдання Францыскам Скарынам беларускай Бібліі. Прайшла традыцыйная вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя “Шануйце роднае слова” (І-ІІ гімн. кл.), вучні 6-8, І-ІІІ класаў прынялі ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове, а таксама ў конкурсе выразнага чытання ”Жывое ў вяках беларускае слова”. 23 лютага адбылася сустрэча з аўтарам кнігі “Францыск Скарына” А. Сушам – старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдатам культуралогіі.

Завяршыліся Дні беларускай мовы этнакультурным святам “Запусты”, якое падрыхтавалі і правялі вучні пачатковых класаў.

Мова – душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны і неацэнны скарб. I сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

Віленская гімназія імя Францыска Скарыны

Вул. Сеціно, 21 Вільнюс LT-04316

Tэл. / факс +370 5 245 9127

rastine@skorinos.vilnius.lm.lt

© 2024 Віленская гімназія імя Францыска Скарыны