Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа
2017 год — юбілейны год класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. 135-годдзе з дня іх нараджэння шырока адзначаецца ў Беларусі і па-за яе межамі. Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве.
Ушанаваць выдатных паэтаў Беларусі, папулярызаваць іх творчасць, бліжэй далучыцца да літаратурнай спадчыны класікаў – мэта мерапрыемстваў, у якіх прымалі ўдзел вучні і настаўнікі нашай гімназіі.
5 мая ў гімназіі была ўрачыста адкрыта падрыхтаваная Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы выстаўка “Не загаснуць зоркі ў небе”, прысвечаная Віленскаму перыяду жыцця і творчасці беларускага Песняра. Падчас мерапрыемства была праведзена грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”: у выкананні вучняў і настаўнікаў прагучалі вершы паэта на беларускай і літоўскай мовах.
На самым пачатку летніх канікул, 3 чэрвеня, вучні старэйшых класаў наведалі дзяржаўныя літаратурныя музеяі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Мінску, пазнаёміліся з цікавымі экспазіцыямі, якія расказваюць пра жыццё і творчасць класікаў, іх ролю ў гістарычным і культурным развіцці краіны. 8 чэрвеня мы прысутнічалі на прэзентацыі выставачнага праекта “Зорка згасне – дзве ўваскрэсне” ў Літоўскім музеі тэатра, музыкі і кіно. Выстаўка пазнаёміла з асабістым ўдзелам і ўплывам творчасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы на фарміраванне нацыянальнага тэатра ў гістарычнай панараме ХХ–ХХI стагоддзяў. 9 лістапада вучні ІІ і ІІІ гімназічных класаў прысутнічалі на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай шыльды ў гонар народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, усклалі кветкі песняру (шыльда змешчана на будынку (вул. Траку, 1), у якім 110 год таму месцілася рэдакцыя газеты “Наша Ніва”, а Я. Колас быў яе супрацоўнікам).
На восеньскіх канікулах вучаніца 2 класа Ліза Лукша, разам з мамай, наведала радзіму Якуба Яколаса – невялікі архітэктурны комплекс, у якім сёння размяшчаецца музей-сядзіба "Акінчыцы", а 6 лістапада яны правялі завочную экскурсію па родных мясцінах Якуба Коласа для ўсіх вучняў 2-га класа. Падчас мерапрыемства адбылося знаёмства вучняў з творамі пісьменніка. Свае ўражанні дзеці занатавалі ў малюнках.
27 лістапада ў гімназіі адбыўся конкурс выразнага чытання, прысвечаны 135-годдзю Я. Коласа і Я. Купалы. На пачатку мерапрыемства вучні паглядзелі кароткаметражны фільм, прысвечаны беларускім класікам, а пасля паслухалі іх вершы ў выкананні вучняў 5, 7 і 8 класаў. Пераможцамі конкурса сталі Дзіяна Вінцукявічуце (5 кл.), Ксенія Голуб (5 кл.), Анастасія Ясінская (8 кл.). Таксама былі праведзены ўрокі-праекты, прысвечаныя 135-годдзю Я. Коласа (“Дарогамі песняра” ў 8 класе і “Дзядзька ў Вільні” ў 7 класе). Вучні падрыхтавалі цікавыя прэзентацыі, выказалі шчырыя словы ўдзячнасці паэтам за іх творчасць.
У музеі і бібліятэцы гімназіі аформлены экспазіцыі да юбілею паэтаў. Тут могуць знайсці патрэбную літаратуру аматары паэзіі, прыхільнікі творчасці паэтаў.