Каляды ў гімназіі
Снежань у гімназіі штогод бывае незвычайным. Гэта перыяд чакання самых прыгожых свят – Каляд і Новага года – калі ўсе члены гімназічнай супольнасці працуюць разам, дзелячыся добрым гумарам і шчырасцю, упрыгожваць класы, залу, файе, вырабляюць ёлачныя ўпрыгожанні, паштоўкі, пішуць віншаванні і лісты Дзеду Марозу.
22 снежня ў гімназіі прайшло самае прыгожае і самае чаканае дзецьмі зімняе мерапрыемства “Kalėdų stebuklo belaukiant“ (“У чаканні каляднага цуда”), якое сабрала ўсіх: дзяцей, бацькоў, работнікаў гімназіі і гасцей. Вучні спявалі, танцавалі, паказвалі сцэнкі. Усе выступленні былі арыгінальныя, вясёлыя. Дзед Мароз, як і належыць, раздаў усім дзецям падарункі і паабяцаў вярнуцца праз год. На свяце было шмат гасцей: Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літве Аляксандр Кароль, саветнік-пасланнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве Людміла Татарыновіч, саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве па пытаннях культуры і дыяспары Вольга Дашыневіч, генеральны дырэктар ЗАТ “Yukon Advanced Optics Worldwide” Аляксандр Альшэўскі. Яны выказалі прыгожыя, цёплыя словы прывітання і ўручылі падарункі: так любімыя дзецьмі ласункі і доўгачаканыя новыя камп’ютары ў кабінет інфармацыйных тэхналогій. Шчыра дзякуем за дапамогу і ўвагу да нашай гімназіі.
У гэты дзень панаваў святочны калядны настрой, які даў магчымасць усім “уцячы” ад школьнай руціны і прынёс шмат радасці і станоўчых эмоцый.