Ранішнія чытанні
Сонечнай раніцай 19 кастрычніка вучні 2 класа сустрэліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя Марцінаса Мажвідаса. Па ініцыятыве настаўніцы літоўскай мовы Юраце Норвайшэне яны ўдзельнічалі ў папулярных літаратурных чытаннях для дзяцей. Адукацыйныя заняткі пачаліся са знаёмства з кніжкай Евы Бабілайце і Юргі Чакатаўскайце “Ulė ir peliukas”. Гэта займальная гісторыя пра дзяўчынку Уле, якая пасябравала з мышкай. Ці ж гэта магчыма, каб чалавек сябраваў з мышшу? У казцы – магчыма! У мышкі выпаў зубік, а добрая, спагадлівая Уле суцешыла яе. І пасля гэтага яны сталі сябрамі.
У бібліятэцы вучні не толькі слухалі казку, але і адказвалі на пытанні, рабілі з паперы мышку-закладку, гарталі кнігі. Пачаўшы дзень з казкі, дзеці вярнуліся ў школу ў выдатным настроі.