Дзень гімназіі
“Сёння ў нашай хаце свята, школа нам, як родны дом...”. Так спявалі вучні гімназіі імя Францыска Скарыны, сабраўшыся раніцай 31-га студзеня на ўрачыстую лінейку, прысвечаную Дню гімназіі. Гэтае традыцыйнае свята праводзіцца штогод 1 лютага, таму што менавіта ў гэты дзень у 1919 годзе пачаліся заняткі ў Віленскай беларускай гімназіі, якая размяшчалася ў Базыльянскіх мурах (сёння вул. Аўшрос Вартэй, 9).
Гэтаму святу быў прысвечаны міжнародны фестываль дзіцячага фальклору “Наша спадчына”. У ім прынялі ўдзел ансамбль “Siena“ вільнюскай прагімназіі імя Сімана Даўканта і танцавальны калектыў “Лянок”, мастацкія калектывы гімназіі імя Францыска Скарыны “Жавароначкі” і “Лянок”, вакальны ансамбль “Авацыя” сярэдняй школы № 4 г. Ліды, танцавальны калектыў “Праменчык” і аркестр народных інструментаў “Перазвон”.
Увечары на традыцыйную сустрэчу сабраліся выпускнікі гімназіі. Алзін, два, пяць і больш год назад закончыўшы школу, яны зноў прайшліся яе карыдорамі, успамінаючы тыя часы, калі раслі, вучыліся, сябравалі.
Дзякуем усім за ўсмешкі і добры настрой!