Пра Францыска Скарыну

Францыск Скарына
Францыск Скарына

Гады жыцця:
каля 1490 – 1541
Месца нараджэння: Полацк (Беларусь)
Дзейнасць: беларускі першадрукар, асветнік

Дакладныя даты жыцця Францыска Скарыны невядомыя, даты і нараджэння, і смерці прыблізныя. Вядома, што нарадзіўся ён у сям’і полацкага купца Лукі Скарыны, які, займаючыся гандлем футрам і скурамі, падтрымліваў гандлёвыя адносіны з Вільняй. Вучыўся Францыск Скарына ў прыхадской школе ў Полацку, пасля мог працягнуць вучобу ў манахаў-бернардынцаў. З 1504 г. вывучаў у Кракаўскім універсітэце сем свабодных мастацтв альбо навук: граматыку, логіку, рыторыку, музыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію і філасофію. У 1506 г. атрымаў ступень бакалаўра свабодных навук.На працягу 1506 – 1512 гадоў Францыск Скарына шмат падарожнічаў. У гэты ж перыяд вучыўся ў Італіі ў Падуанскім універсітэце, атрымаў ступені магістра свабодных навук і доктара медыцыны.

Акрамя роднай беларускай мовы, Скарына выдатна валодаў польскай, чэшскай, стараславянскай, яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай мовамі.  

Галоўныя дасягненні Ф. Скарыны звязаны з асветніцкай і кнігадрукарскай дзейнасцю. У 1517 г. у Празе (Чэхія) ён заснаваў друкарню, у якой за тры гады (да 1519 г.)падрыхтаваў і выдаў “Псалтыр” і іншыя кнігі Старога Запавету. У Бібліі Скарына змясціў гравюру са сваім партрэтам і гербам – сонцам і месяцам. 

Недзе паміж 1519 – 1522 гг. Ф. Скарына пасяліўся ў Вільні. Дакладная дата яго пераезду невядомая, гісторыкі называюць розныя даты. Прыблізна ў 1525 г. Ф. Скарына ажаніўся з удавой купца Юрыя Адверніка Маргарытай. У Вільні, у доме бурмістра Якуба Бабіча, заснаваў першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага друкарню. Мяркуецца, што гэты дом знаходзіўся на скрыжаванні вуліц Дзіджоі і Сціклю. Тут Ф. Скарына надрукаваў дзве кнігі – “Апостал” (1525 г.) і “Малую падарожную кніжыцу” (паміж 1525 – 1530 гг.). У выдадзеных у Вільні кнігах Ф. Скарына напісаў словы: “Надрукавана ў доме паважанага мужа, слаўнага і вялікага бурмістра горада Вільні Якуба Бабіча”.  

Імя Францыска Скарыны ўвекавечана ў Вільнюсе. У 1990 г. на доме па вуліцы Дзіджоі, 19/2 (Сянамясціс) адкрыта мемарыяльная дошка з барэльефам друкара і надпісам па-літоўску і па-беларуску, які паведамляе, што з 1522 г. па 1525 г. у горадзе Вільнюсе беларускі асветнік Ф. Скарына выдаў першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага друкаваную кнігу.

У 1973 г. у Вільнюсе, у так званым Друкарскім дворыку (вул. Сціклю, 4. Сянамясціс), у гонар пачынальніка кнігадрукавання на тэрыторыі Літвы Ф. Скарыны недалёка ад дома, у якім знаходзілася друкарня Мамонічаў, была ўстаноўлена дэкаратыўная гранітная скульптура “Летапісец” (скульптар Вацловас Круцініс). Скульптура ўяўляе сабой выяву чалавека, які трымае на каленях адкрытую кнігу.

У Вільнюсе (вул. Сеціно, 21. Каралінішкес) дзейнічае гімназія імя Францыска Скарыны з беларускай мовай навучання, ёсць вуліца, названая яго іменем. Ушанаванае імя Ф. Скарыны і ў роднай Беларусі: помнікі яму адкрыты ў Полацку, Мінску і Лідзе.