Урачысты юбілей гімназіі

Штогод 1 лютага мы адзначаем Дзень гімназіі. Менавіта ў гэты дзень у 1919 годзе пачаліся заняткі ў Віленскай беларускай гімназіі, якая размяшчалася ў Базыльянскіх мурах (сёння вул. Аўшрос Варту, 9). 1 лютага 2019 года Віленскай беларускай гімназіі споўнілася 100 год, а гімназіі імя Францыска Скарыны г. Вільнюса – 25! Урачыстае святкаванне юбілею гімназіі адбылося 8 лютага ў Вільнюскай ратушы. На свяце прысутнічалі паважаныя госці: мэр горада Вільнюса Рэмігіюс Шымашус, надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль, прадстаўнікі Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі, дырэктар Вільнюскага гарадскога дэпартамента адукацыі, культуры і спорта Аліна Кавалеўская і загадчыца Адзела агульнай адукацыі Дзіяна Пяткунене, прадстаўнікі грамадскіх беларускіх арганізацый, сацыяльныя партнёры з Літвы і Беларусі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі г. Вільнюса, вучні, іх бацькі, работнікі гімназіі і інш. Падчас свята было сказана шмат прыгожых слоў віншавання, сардэчных пажаданняў.

“У хуткім часе Вільнюс будзе святкаваць свой 700-гадовы юбілей – успомнім ліст Вялікага князя Гедыміна, які ён падпісаў як літоўскі і русенскі князь. У маі наступнага года будзем адзначаць яшчэ адзін юбілей – 500 год з дня заснавання Скарынаўскай друкарні ў Вільні. Літоўцаў і беларусаў звязвае доўгая прыгожая гісторыя, сяброўства, агульная барацьба за Незалежнасць. Вільнюс – адзінае месца ў свеце, дзе беларусы могуць навучацца на роднай мове па-за межамі Беларусі, гэта вялікі гонар для нас. Упэўнены, што гімназія і далей будзе квітнець і расці”, – адзначыў у сваім віншавальным слове мэр сталіцы Рэмігіюс Шымашус.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль падарыў музею гімназіі каштоўны экспанат – выдадзеную ў 1890 годзе ў Санкт-Пецярбургу кнігу П.М. Бацюшкава “Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края”. Дырэктар Вільнюскага гарадскога дэпартамента адукацыі, культуры і спорта Аліна Кавалеўская ўручыла дырэктару гімназіі Дзіяне Стахновіч чэк вартасцю 1000 еўра на адукацыйныя патрэбы. Педагогі і работнікі гімназіі за шматгадовую, добрасумленную працу былі ўзнагароджаны пахвальнымі граматамі.

Святочны настрой у гэты дзень стваралі мастацкі калектыў “Лянок” гімназіі імя Францыска Скарыны, выхаванцы танцавальнай студыі “Танцавальная сталіца” (кіраўнікі – Артур Баёр, былы вучань гімназіі, і Вікторыя Энгельгардт Баёр), калектыў Гродзенскай гарадской гімназіі.

Дзякуем усім, хто прыйшоў на свята, за добрую энергію, падарункі, абдымкі, успаміны, сардэчнасць! Шчыра спадзяёмся, што праз 10 год зноў усе сустрэнемся!

  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG