Святкаванне 100-годдзя адраджэння Літоўскай дзяржавы ў гімназіі імя Францыска Скарыны г. Вільнюса

Наша гімназія актыўна адзначыла 100-гадовы юбілей адраджэння Літоўскай дзяржавы. У лютым і сакавіку прайшло шмат мерапрыемстваў, праектаў, выстаў, урокаў, прысвечаных гэтай даце: міжнародны конкурс-выстава “Ілюстрацыі да самых прыгожых твораў пра Літву”, праекты “16 лютага – лёсавызначальная дата”, “Пазнай Літву”, “Стагоддзе няспынных адкрыццяў у Літве”, акцыі “Расквітнелі трохкаляровыя вокны” і “Жывое кола нацыі”. 15 лютага вакальны ансамбль  “Лянок” удзельнічаў у адкрыцці ў Дэпартаменце нацыянальных меншасцей перасоўнай выставы “Літву ствараем разам”, прысвечанай нацыянальным супольнасцям і іх укладу ў стварэнне Літоўскай дзяржавы. 

Ужо трэці раз вучні і настаўнікі нашай гімназіі ўдзельнічалі ў шэсці моладзі “Шляхам Літоўскай дзяржавы”. Удзельнікаў шэсця на Кафедральнай плошчы прывітаў мэр Вільнюса Рэмігіюс Шымашус, а каля дома сігнатараў – прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Валдас Адамкус. На могілках Расу моладзь ушанавала памяць доктара Йонаса Басанавічуса, ідэйнага кіраўніка беларускага нацыянальнага руху Івана Луцкевіча.

27-28 лютага, 1 і 6 сакавіка вучні 8, I-IV класаў удзельнічалі ў інтэграваных уроках літоўскай мовы і гісторыі „Kelias valstybingumo link“ (“Шлях да дзяржаўнасці”) у Доме сігнатараў, на якіх з дапамогай класічных метадаў і сучасных тэхналогій быў прадстаўлены шлях Літвы да дзяржаўнасці з другой паловы ХІХ ст. да падпісання лёсавызначальнага Акта 16-га лютага. Вучні пазнаёміліся з гісторыяй Акта  16-га лютага, прывезенага прафесарам Людасам Мажылісам у Літву з Германіі.

9 сакавіка ў гімназіі старшакласнікам была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя „Lietuva – šalis gimtoji“ (“Літва – родны край”). Вучні выканалі гімн Літвы, ушанавалі першых сігнатараў, сказалі прыгожыя словы, прысвечаныя Радзіме, яшчэ раз успомнілі шлях Літвы да незалежнасці: ад 16-га лютага да 11-га сакавіка. Вучні 1-4 класаў удзельнічалі ў мерапрыемстве „Skambiausi žodeliai ir gražiausi darbeliai Lietuvai“ (“Самыя прыгожыя словы і вырабы – Літве”). Пачаткоўцы не толькі дэкламавалі вершы, спявалі, танцавалі народныя танцы, але і прамаўлялі прыгожыя словы аб Літве, ілюстравалі іх.

12 сакавіка ў гімназіі прайшла віктарына “100 пытанняў аб Літоўскай дзяржаве”, удзельнікамі якой былі вучні 8, І-ІІ класаў. Каманды дэманстравалі веды па літаратуры, гісторыі, геаграфіі Літвы. Перамагла каманда „Šimtamylių“. 16 сакавіка вучні 5-6 класаў удзельнічалі ў прысвечанай 100-годдзю адраджэння Літоўскай дзяржавы віктарыне па літоўскай мове, якая праходзіла ў Тракай.

Дзякуем усім,  хто прымаў удзел у святочных мерапрыемствах!

Настаўнікі літоўскай мовы і літаратуры

  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG
  • IMG